Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы: беларускія спэцслужбы падманам схіляюць літоўцаў запускаць балёны зь Беларусі


Балёны з цыгарэтамі. Ілюстрацыйнае фота.
Балёны з цыгарэтамі. Ілюстрацыйнае фота.

Літоўская выведка «фіксуе новае правакацыйнае дзеяньне, накіраванае на ўцягваньне грамадзянаў і жыхароў Літвы ў злачынную дзейнасьць у інтарэсах менскага рэжыму», гаворыцца ў заяве Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ).

Сабраная інфармацыя, як адзначае ведамства, «дазваляе зрабіць абгрунтаванае дапушчэньне, што аўтары і выканаўцы гэтай апэрацыі — органы бясьпекі і выведныя службы Беларусі».

«Апошнімі тыднямі ў Тэлеграме асобы, якія выдаюць сябе за службоўцаў ДДБ, прапануюць людзям заробак узамен за іх згоду выканаць нібыта заданьне літоўскай выведкі — паехаць у Беларусь і зь яе тэрыторыі запусьціць у Літву кантрабандны паветраны балён, — гаворыцца ў заяве. — ДДБ зьвяртае ўвагу, што такія дзеяньні ёсьць грубай правакацыяй... Рэжым Беларусі імкнецца стварыць бачнасьць, быццам літоўская выведка сама арганізуе і ініцыюе гібрыдную атаку супраць Літвы, якая працягваецца ўжо больш за месяц».

Ведамства папярэдзіла, што «асобы, якія паддаліся падобным прапановам у сацыяльных сетках, рызыкуюць стаць інструмэнтамі прапаганды менскага рэжыму, а тыя, хто вырашыць паехаць у Беларусь, рызыкуюць сваім здароўем і свабодай», бо «там яны могуць быць затрыманыя і прыцягнутыя да суду КДБ Беларусі».

«Літоўская выведка заклікае не паддавацца згаданым правакацыям і ня ўвязвацца ў шкодніцкую дзейнасьць замежнай дзяржавы, за якую пагражае строгая крымінальная адказнасьць, — гаворыцца ў дакумэнце. — ДДБ нагадвае, што выведныя службы Расеі і Беларусі актыўна выкарыстоўваюць плятформу Тэлеграм для пошуку патэнцыйных агентаў, іх вэрбаваньня і падтрыманьня сувязі зь імі».

9 сьнежня ўрад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню з прычыны «гібрыднай атакі Беларусі». Рашэньне прынята «у сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпецы дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, што ствараецца запускамі на тэрыторыю Літвы зь Беларусі паветраных балёнаў, якія перавозяць кантрабанду».

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка на пасяджэньні Савету бясьпекі выказаўся наконт «балёнаў з цыгарэтамі, якія лётаюць ці то ў Літву, ці то зь Літвы». Паводле яго, прайшло «сурʼёзнае абмеркаваньне пытаньня», аж да «прыцягненьня пілётаў цывільнай авіяцыі». Палітык сьцьвярджае, што прэтэнзіі, якія выстаўляе Літва, «рэальнасьці не адпавядаюць».

«Тое, што нам сёньня выстаўляюць літоўцы, — гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя балёны, як яны кажуць, па 200 (цяпер быццам ці то 20, ці то 50) туды залятаюць... Я размаўляў зь лётнікамі, пілётамі. Яны кажуць, што гэта ніякай праблемы не складае. Праблему пачынаюць нагнятаць, палітызаваць», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка чарговы раз заклікаў Вільню вырашыць усе пытаньні шляхам перамоваў. «Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных адносін — сядайце за стол перамоваў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма», — заявіў ён.

Пры гэтым ён агучыў «пункты, якія цікавяць беларускі бок», на патэнцыйных перамовах з Літвой. «Вярніце нам 17 ці 20 аўтамабіляў, якія вы скралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зымбабвэ. Нармалізуйце працу нашага санаторыю, дзе мы лячылі чарнобыльскіх дзяцей. Яны ў дзяцей адабралі фактычна санаторый. І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт», — пералічыў патрабаваньні Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG